КІ́ЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
гістарычна-літаратурны помнік Кіеўскай Русі. Захаваўся ў Іпацьеўскім летапісе, дзе працягвае «Аповесць мінулых гадоў» і папярэднічае Галіцка-Валынскаму летапісу. Ахоплівае падзеі з 1118 да 1200. Складзены ў Выдубіцкім манастыры (Кіеў) на падставе мясц. летапісаў і асобых пагадовых запісаў. Прысвечаны пераважна мясц. падзеям (гісторыі Кіева і Кіеўскай зямлі), больш свецкі паводле зместу (апісваецца жыццё і дзейнасць кіеўскіх князёў). У творы асуджаюцца княжацкія ўсобіцы, апісваецца барацьба ўсх. славян з полаўцамі. Захаваў цікавыя і каштоўныя запісы пра важныя падзеі ў Полацкай зямлі ў сярэдзіне 12 ст., якія паводле меркавання некаторых вучоных, з’яўляюцца фрагментамі згубленага Полацкага летапісу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 8, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)